РУС БЕЛ ENG

История, традиции, достижения образования

  

История Ёдковской средней школы

 Гісторыя Ёдкаўскай сярэдняй школы
 
      Школа - гэта самая  выдатная  часіна ў  жыцці кожнага чалавека. Успаміны пра  яе застаюцца самымі светлымі. Сёння  я хачу расказаць   гісторыю   Кенцеўскай школы, якая дала пачатак Ёдкаўскай сярэдняй школе.
      Чуеце, звініць школьны званок. Не электрычны, а звычайны, зроблены з шурпатай снараднай галоўкі школьны званок. Ён кліча мяне на сустрэчу з Кенцеўскай школай.

Даведка з гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”

1938 год– адкрыццё Кенцеўскай пачатковай польскай школы. Па другіх звестках у 1936 годзе. Гэта  дата была зроблена на школьным калодзежы. Першая настаўніца Людвіка Гарбіно.
1941-1944 гады –  школа не працуе. Размяшчаецца прыют для бежанцаў.
1944 год– Кенцеўскае пачатковае вучылішча.
Аднавіліся заняткі ў школе з выкладаннем прадметаў на беларускай і рускай мовах.
 1949-1950  навучальны год – Кенцеўскае пачатковае вучылішча пераходзіць на сямігадовы тэрмін навучання.
1952 год– дырэктар  Войчык Уладзімір. 
1957 год– дырэктар  Кавальчук Міканор Дзмітрыевіч.
1960 год– дырэктар  Катвіцкі Рычард Станіслававіч. Кенцеўская школа пераходзіць на  васьмігадовы тэрмін навучання.
 1980 год – дырэктар Астравух Эдуард.
1983 год – дырэктар  Равенка Аляксандра Аляксееўна. 
1987 год– дырэктар Байкова Людміла Рычардаўна.
1994 год –закрыццё Кенцеўскай школы, адкрыццё Ёдкаўскай сярэдняй школы на базе Кенцеўскай.
2010 год – дырэктар Маркевіч Анжэліка Генадзьеўна.
 

Давайце  закінем за плечы яшчэ няцяжкую ношку гадоў і пойдзем туды, на парог  маёй першай навукі. Мы будзем ісці і лясной дарогай, і палявой, і сцежкай па беразе, і ехаць на падводзе, але болей ісці пешкі. Няма чыгункі, няма шашы, і аўтобуса - іх мы не ведалі тады. Пойдзем пешкі.

       А далёка трэба ісці?

      У вёску Кянці, якая знаходзіцца за Навіцкімі. З усіх навакольных вёсак прыходзілі дзеці ў Кенцеўскую школу па навуку. Вучыліся ў дзве змены: старэйшыя вучні ў першую змену, малодшыя – у другую. Ісці трэба было з Ёдкаў 3 кіламетры.   Але, слухай, ты ведаеш, той нашай школы цяпер ужо няма.   Сёння ў старой школе знаходзіцца мэблевая фабрыка “Стыль”, там раней была наша школа. Але - нічога. Тая  школа жыве ў  маёй  памяці.

Вось мы прыйшлі да яе. Сядзем на парозе... Ну што ж, звіні - я цябе чую і сёння, зроблены з шурпатай снараднай галоўкі школьны   званок!

Цікава даведацца, калі  адкрылі гэтую школу.

 Падслухаем гутарку дзвюх вучаніц Кенцеўскай школы.

Прывітанне, любая школа! Я кожны дзень прыходжу раней у школу, бо нацешыцца не магу з яе. Зусім нядаўна, 1 верасня 1938 года было вялікае свята ў Кянцях – у нас пачала працаваць новая школа.

І вось наступіла 1 верасня 1938 года. Нам мамы пашылі школьную форму з белымі каўнерчыкамі. Ой, як мы зухаваліся, бо форма была толькі ў нашай вясковай школе.

Жылі-былі людзі ў вёсках  Кянці, Калясішчы, Навіцкія, Ёдкі. Дзеткі іх спачатку вучыліся па хатах, бо школы яшчэ не было. Вучняў стала многа  - аж каля 100 і тады пані Людвіка Гарбіно – настаўніца, задумала пабудаваць школу. Усе клопаты ўзяла на сябе. Сяляне з Кянцёў, Калясішч, Навіцкіх дапамагалі: выдзялялі будаўнічы лес, збіралі разам з дзецьмі каменні на фундамент.

Вось так ўсё і было.Для будаўніцтва школы патрэбны былі вялікія грошы, і пані Людвіка прыдумала, як іх прыдбаць. Для гэтага наладжвалі спектаклі пасля заняткаў. А потым арганізоўвалі танцы, за якія бралі плату. Яшчэ пані прыдумала латарэю са шклянымі прызамі з Бярозаўскага шклозавода.   На атрыманыя грошы і пабудавалі ў Кянцях прасторную з адным вялікім класным пакоем 4-х гадовую школу.

Кенцеўская 4-х гадовая школа пераўтварылася ў сямігодку. Потым ў васьмігодку, а ў 1994 годзе перад закрыццём – у 10-цігодку. Кенцеўская школа дала жыццё Ёдкаўскай школе, куды парайшлі ўсе вучні і настаўнікі.

Сёння ў Ёдкаўскай школе створаны краязнаўчы музей, у якім ёсць экспазіцыя, прысвечаная Кенцеўскай школе.

Музей  папоўніўся з паўсотні экспанатамі са школьнага жыцця тых гадоў. Гэта малітоўнік для урока Закон Божы, кніжка для чытання, спеўнік на польскай мове і малітоўнік на стараславянскай царкоўнай мове. Гады выдання: 1903-1911- ы.

Якая цікавая гісторыя! Атрымоўваецца, што школу пабудавала звычайная настаўніца.

Было гэта яшчэ да вайны, адно шкада, што школа была польская, бо ў той час Заходняя частка Беларусі належала Польшчы.  Затым школа стала беларускай,  гэта здарылася, калі наша краіна ўвайшла ў склад Савецкага саюза. У Вялікую Айчынную вайну у школе быў часовы прытулак для бежанцаў, і яна не працавала. 

Успамінае настаўніца рускай мовы і літаратуры Кенцеўскай школы Качан Аляксандра Васільеўна: ”Да таго часу, як пабудавалі новую школу ў Кянцях, дзеці вучыліся ў звычайнай вясковай хаце. Пасля Вялікай Айчыннай вайны многія дзеці пайшлі ў школу пераросткамі. Людвіка Гарбіно працягвала працаваць у школе. Але ў к.40-х – пач.50-х гадоў многія заможныя сяляне паехалі жыць за мяжу, у тым ліку выехала і Людвіка Гарбіно. Яе замяніла Стэльмаховіч Лідзія Андрэеўна (бежанка).

У 1952 годзе дырэктарам назначылі Войчыка Уладзіміра Вікенцьевіча, які выкладаў матэматыку. Працаваў ён 5 гадоў. Яго змяніў Кавальчук Міканор Дзмітрыевіч, які   прапрацаваў 3 гады. У той час у Гарнях было старое памяшканне лясгаса. Яго перавезлі ў Кянці і склалі яшчэ адзін будынак Кенцеўскай школы. У вёсцы Скаменны Бор зачынілі пачатковую школу, яе перавезлі, склалі хлеў каля школы і прыбіральню. Затым яго прызначылі загадчыкам РАНО, а дырэктарам стаў Катвіцкі Рычард Станіслававіч, настаўнік матэматыкі. Яму прыйшлося выконваць унутраныя работы ў новым будынку школы. У Кянцях Рычард Станіслававіч працаваў з 1960 па 1980 год. У 1980-м годзе яго выбралі старшынёй Траццякоўскага сельсавета.

Дырэктарам стаў Астравух Эдуард, які працаваў 3 гады. Пасля яго на гэтай  пасадзе працавала былы інспектар РАНО Равенка Аляксандра Аляксееўна. І ў 1987 годзе яе змяніла Байкова Людміла Рычардаўна, пры падтрымцы якой была пабудавана новая школа ў Ёдках”.   

                                 А ў савецкі час якая была наша школа?

Прапаную вярнуцца ў мінулае,
          Слова даць камсамольскім старонкам
                                                                  Было ў іх нямала харошага,
   Гэтым можам мы ўсе ганарыцца!

Пра працу ў Кенцеўскай школе з замілаваннем  згадвае настаўніца     беларускай мовы і літаратуры Акавіцкая Аліна Яўгеньеўна, якая настаўнічала ў Кянцях з 1986 года, затым у Ёдках – да 2008 года: “ Карычневыя сукенкі, карункавыя варатнічкі, белыя або фартушкі ў дзяўчынак, сінія або карычневыя касцюмы і белыя кашулькі – савецкая школьная форма трывала ўваходзіла ў паўсядзённае школьнае жыццё таго часу. Увогуле 70-80 –я гады можна лічыць росквітам той самай школьнай формы, якую  сучасныя дзеці ведаюць па букварах і першых школьных чытанках або фотаздымках таго часу. Асабліва адданыя ідэям камунізму савецкія дзеці дапаўнялі свой вобраз акцябрацкімі значкамі, чырвонымі гальштукамі, камсамольскімі пілоткамі. Модніцы-старшакласніцы стараліся зрабіць сябе больш прывабнымі, таму ўкарочвалі сукенкі, а вясною абразалі рукавы, выпрошвалі ў бацькоў грошы на новыя карункі для варатнічкоў,  мянялі іх кожны тыдзень, і разам з тым клапаціліся аб ўласнай гігіене. У кожнага дзіцяці была драўляная лінейка, механічны аловак,  дзённік у кардоннай вокладцы, ранец… Ах ранец! Ён быў нязменным атрыбутам школы. Ён быў неверагодна трывалы: на ім каталіся з ледзяных горак, ім  гулялі ў вайну, яго кідалі ў кучу пасля ўрокаў, калі трэба было хутка бегчы ў “казакоў-разбойнікаў”. Але ранец служыў не адзін год. Друкаваныя пропісі, сшыткі… Сшыткі! Былі яны часцей зеленаватага ці цаглянага колеру, палі ў якіх патрэбна было адводзіць  карандашом чырвонага колеру. Альбом для малявання, падручнікі па музыцы, геаграфіі, роднай літаратуры, нямецкай мове, запісная кніжка, капіравальная папера  - чаго толькі не знойдзеш у ранцы савецкага школьніка! Пасля ўрокаў вучні любілі “прападаць” ў піянерскім пакоі. Самы галоўны тут – гэта дружынны сцяг, які, як правіла, знаходзіўся ў рытуальнай стойцы разам з іншымі сцягамі, а таксама атрадныя сцяжкі. Тут знаходзіўся ленінскі куток. У піянерккім пакоі адбываліся пасяджэнні савета дружыны. Піянерамі выпускаліся і  вывешваліся рукапіснага афармлення дружынныя і атрадныя насценгазеты. Для акцябрат сапраўдным святам быў паказ дыяфільмаў. У  класе вешалі занавескі  чорнага колеру, выключалі святло, і пачынаўся прагляд… Тут жа можна было знайсці цікавыя пласцінкі і праслухаць іх на праігрывальніку. Старшакласніцы любілі танцаваць вальс”.

Выдатнік народнай асветы

Катвіцкі Рычард Станіслававіч

Нарадзіўся ў 1933 годзе ў вёсцы Ёдкі Лідскага раёна Гродзенскай вобласці БССР. Па нацыянальнасці паляк. Бацька быў служачым, маці - хатняя гаспадыня.

У 1957 годзе закончыў педагагічны інстытут у Гродне.

З 1950-га года працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Кенцеўскай школе, з 1951 года выкладаў матэматыку ў Кенцеўскай сямігадовай школе.

 У 1960-м годзе прызначаны дырэктарам васьмігадовай Кенцеўскай школы. 1964 год-  узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”.

З 1980 года з’яўляўся старшынёй выканкама Траццякоўскага сельскага Савета.

Дэлегат на 16-ю Лідскую раённую партыйную канферэнцыю Камуністычнай партыі Беларусі ў 1990-м годзе.

Памёр у 2012 годзе.

Паплечнікі і прадаўжальнікі спраў у педагагічнай дзейнасці:

Жонка Катвіцкая Галіна Вікенцьеўна, настаўніца матэматыкі ў Кенцеўскай школе.

Дачка Байкова Людміла Рычардаўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Мінойтаўскай школы, затым дырэктар Кенцеўскай і Ёдкаўскай школ.

Унучка Байкова Алена Уладзіміраўна, настаўніца замежных моў

Калі дзіця жыве ў атмасферы творчасці, яно вучыцца тварыць, марыць, перамагаць. Такія ўмовы для раскрыцця кожнага школьніка дала новая Ёдкаўская школа, гісторыя  якой  пачалася ў 1994 годзе.

Да 2010 года дырэктарам школы была Байкова Людміла Рычардаўна. А з 2010/2011 навучальнага года дырэктарам школы стала Маркевіч Анжэліка Генадзьеўна.

свернуть