Актыўныя і інтэрактыўныя формы навучання
на ўроках беларускай мовы і літаратуры
і іх роля ў арганізацыі эфектыўнай кантрольна-ацэначнай дзейнасці педагога
Чэлендж – жанр інтэрнэт-ролікаў, у якіх чалавек выконвае заданне на відэакамеру і размяшчае яго ў інтэрнэт, а затым прапануе паўтарыць гэта заданне свайму знаёмаму або неабмежаванаму колу карыстальнікаў. Калі ў інтэрнэце заданні носяць забаўляльны характар, то ў педагогіцы дапамагаюць дасягнуць выхаваўчых мэт. Чэлендж-заданні вучаць аналізаваць і прыкмячаць асаблівасці ў карцінах, фотаздымках, папулярызуюць культурную спадчыну беларускага народа, спрыяюць выхаванню ў моладзі адказнасці за свае ўчынкі, вымагаюць творчага падыходу ў прадстаўленні прадуктаў сваёй дзейнасці, вучаць даводзіць справы да лагічнага завяршэння.Паўтарыць карціну, якая размешчана на форзацы ці ўклейцы падручніка, можна рознымі сродкамі: з дапамогай пластыліна, прыроднага матэрыялу, тканіны, адзення і іншых рэчаў.Галоўнае, каб копія мела эстэтычны выгляд. Напрыклад, пры вывучэнні ў 6 класе лірычнай мініяцюры “Над зямлёй – красавіцкае неба” Янкі Брыля вучням прапануецца выканаць заданне падручніка: разгледзець рэпрадукцыю карціны Фердынанда Рушчыца “Вясна”. Чэлендж-заданне можа быць сфармулявана так: паўтарыць карціну Фердынанда Рушчыца “Вясна” з дапамогай прыродных матэрыялаў і фарбаў. Параўнаць вобразы вясны, створаныя мастаком, пісьменнікам і ва ўласным паўторы карціны.
Сторыс – гэта своеасаблівы спосаб зносін паміж карыстальнікамі, гэта гісторыя пра якія-небудзь выпадкі, здарэнні, падзеі, якія адбываюцца з чалавекам. Тэрмін, на працягу якога можна ўбачыць сторыс (гісторыю) любога чалавека, абмежаваны па часе. Як правіла, ён роўны 24 гадзінам з моманту публікацыі і доўжыцца не больш за 30 секунд. Сторыс лічыцца практычна самым лепшым спосабам рэкламы, і ў адукацыйным працэсе можа быць выкарыстаны як сучасная форма папулярызацыі жыцця і дзейнасці беларускіх пісьменнікаў, якія не мелі магчымасці, калі жылі, выкладаць у інтэрнэт свае сторыс-гісторыі, бо ў іх не было такога сервісу.Пасля вывучэння жыцця і творчасці Янкі Купалы ў 9 класе вучням у падручніку прапануецца заданне: знайсці інфармацыю пра людзей, якія аказалі вялікі ўплыў на развіццё яго творчай індывідуальнасці: У. Самойлу, А. Чарняева, С. Чаховіча, Б. Эпімах-Шыпілу. Гэта заданне ў 9 класе было выканана ў выглядзе сторысу ад імя Янкі Купалы. У сваім праеце вучні паказалі сяброўства класіка беларускай літаратуры з рознымі дзеячамі беларускай культуры.
Батл – гэта спаборніцтва ў майстэрстве,ведах дзвюх або некалькіх каманд ці ўдзельнікаў. Каб батл быў займальным, неабходна падабраць актуальную для вучняў тэму, цікавыя пытанні і факты з падручніка, стварыць інтрыгу. Каб стварыць атмасферу барацьбы, для літаратурнага батла ў нашай установе адукацыі былі выбраны займальныя заданні-раўнды – “Шэрлак Холмс”, “Пагоня за лідарам”, “Бліц-эрудыцыя”. Папярэдне было зададзена дамашняе заданне, якое творча прадстаўлялі каманды. Інтарэс да гульні падтрымліваўся балельшчыкамі, у канцы спаборніцтва былі падведзены вынікі. Батл паспрыяў развіццю ўмення самастойна вырашаць нестандартныя задачы.
Квіз (ад англ. quiz) – гэта віктарына, спаборніцтва, падчас якога каманды адказваюць на пытаннні. Як прыклад, літаратурны квіз “Знічкі і Планіды” для вучняў 11 класа, складзены на аснове фактаў біяграфій беларускіх пісьменнікаў, якія размешчаны ў вучэбных дапаможніках 9-11 класаў.Па выніках дадзенага мерапрыемства ўдзельнікі пашырылі кругагляд, усвядомілі, што кожны раён Рэспублікі Беларусь багаты на свае літаратурныя таленты,што жыццёвыя лёсы пісьменнікаў вучаць мадэліраваць свае дзеянні, ставіць дакладныя мэты і даводзіць іх да канца.
Квест– гэта інтэлектуальны від гульні, падчас якой удзельнікам трэба пераадолець шэраг перашкод, вырашыць пэўныя задачы, разгадаць лагічныя загадкі, справіцца з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць на іх шляху для дасягнення агульнай мэты. Як прыклад, квест “Дзе жывуць героі міфаў і легенд?” для вучняў 9 класа. Беларуская міфалогія – цікавая старонка культурнай спадчыны нашага народа. Прадметам гонару па праўдзе з’яўляюцца створаныя ў мінулым шматлікія міфы і легенды. Сучасныя школьнікі павінны ведаць, што нацыянальны фальклор жывіць творчасць беларускіх пісьменнікаў сваімі сюжэтамі і вобразамі. Квест дапамагае асэнсаваць узаемасувязі міфалогіі і літаратуры, прымушае зразумець, што героі фальклору сёння жывуць у беларускай літаратуры.
Мэта распрацаванай на аснове мясцовага краязнаўчага матэрыялу квэста “Не сілай, а розумам” – выхаванне лепшых маральных якасцей чалавека: дабрыні, спагады, памяці пра сваіх продкаў, беражлівыя адносіны да роднай мовы як нацыянальнага скарбу беларускага народа. Легенда квэста-гульні такая: людзі згубілі нешта вельмі важнае. Дапамагчы вярнуць страчанае згаджаецца чараўнік пры адной ўмове. Неабходна правільна выканаць адзінаццаць заданняў місіі і адчыніць 11 замкоў, за якімі схаваны запавет. Калі людзі змогуць гэта зрабіць і будуць выконваць пакінуты чараўніком тастамент, то здабудуць страчанае шчасце. Удзельнікам квэста-гульні таксама неабходна выканаць 11 заданняў (“Татэмную жывёлу адшукай – розуму дабірай”, “На воўка памоўка, а рыбу з’ела лісіца”, “Дзе работа, там густа, а ў лянівым доме пуста”, “Калі гара не ідзе да Магамета, то Магамет ідзе да гары”, “Дзе куфар з легендамі – там мудрасць народа”, “Беларус, не сумуй – на ровар і вандруй”, “З зярнятка яблыкі растуць. А са слова?..”, “Жывая крыніца – разумная кніжыца”), адчыніць усе замкі, прачытаць і растлумачыць запавет. Перамагае тая каманда, якая хутчэй адгадае ўсе словы (запавет, які павінен атрымацца:Як хлеб на абрусе, хай шануецца ў Беларусі родная мова мая.
У якасці поля для гульні выкарыстоўваюцца:
- пазлы (квэсты «Уладары гары «#Добрытон_бай», «Павуціна», «Скарб беларусаў»);
- выявы (шафа з казачнымі героямі; карта Беларусі з фотаздымкамі беларускіх пісьменнікаў, выказваннямі; склеп, за якім схаваны запавет; павуціна з пытаннямі; «воблака слоў»; «Куфэрак патрыёта»);
- крыжаванкі;
- чэк-ліст.
Турнір – гэта спаборніцтва каманд, па выніках якога вызначаюцца пераможцы, прадугледжваюцца прызы. Як прыклад, турнір знаўцаў беларускай літаратуры “Падарожжа па Краіне літаратуры” для вучняў 5 класа. Ён насычаны рознымі цікавымі заданнямі, якія закранаюць сферу краязнаўства, гісторыі, мовы. Мерапрыемства дапамагае абагуліць усё, што вучні чыталі на ўроках, вучыць быць уважлівымі, удумлівымі, павышае цікавасць да прадмета і выхоўвае спаборніцкі дух.
Стэндавая віктарына “Прыказка слова згубіла: пагуляем у дэтэктываў”.Яшчэ вядомы збіральнік прыказак Іван Насовіч пісаў, што беларусы ўсе факты, усе выпадкі чалавечага жыцця, усе ўчынкі, як добрыя, так і благія, і нават кожнае меркаванне аб чым-небудзь падводзяць пад мерку сваіх прыказак. І гэта сапраўды так, бо прыказкі складаюць своеасаблівую маральна-практычную філасофію народа.У час віктарыны дзецям прапануецца адчуць сябе Шэрлакам Холмсам і знайсці згубленае ў прыказкай слова. Каб даведацца, якая лексема прапушчана ў прыказцы, неабходна адгадаць загадку. Каб прачытаць загадку, уставіць прапушчаныя літары ў словы з табліцы і скласці з літар загадку. Устаўленыя літары будуць адпавядаюць парадкавым нумарам літар загадкі. Затым яе адгадаць і ўставіць адгадку ў прыказку. Распячатаць канверт з правільным адказам. Лічыць сябе добрым дэтэктывам, калі адказ аказаўся правільным. Гульня выклікае жывы інтарэс да да беларускіх прыказак і загадак, фарміруе такія маральныя каштоўнасці, як павага да культурнай, працоўнай спадчыны нашых продкаў, стварае ўмовы для ўзаемадапамогі і падтрымкі.
Рэканструкцыя абрадаў і традыцый – гэта аднаўленне матэрыяльнай і духоўнай культуры той ці іншай гістарычнай эпохі і рэгіёну, прайграванне гістарычных падзей з мэтай развіцця цікавасці да народных звычаяў, паданняў, легенд, захаванне і пераемнасць традыцый,працоўнае і маральнае выхаванне, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму, любові да Радзімы, арганізацыя калектыўнай працы над праектам.
“Ціха падаюць-плачуць над радзімаю зоркі – не працуюць, не скачуць, не спяваюць вячоркі”. З гэтымі словамі паэта Міколы Маляўкі вырашылі паспрачацца вучні 5 і 6 класаў і правялі ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі “Вытокі” рэканструкцыю звычаю вячоркі пад назвай “Цыбульныя вячоркі”. Спачатку дзеці размеркавалі ролі, выбралі гаспадароў, памочнікаў і даследчыкаў. Затым падрыхтавалі дэкарацыі. Распыталі старэйшае пакаленне пра асаблівасці вырошчвання цыбулі. Запісалі ад мясцовага насельніцтва жарты і легенды, звязаныя з цыбуляй, уключылі гэты фальклорны матэрыял у сваю рэканструкцыю У працэсе працы гаспадары з памочнікамі перабіралі цыбулю, а потым плялі яе рознымі спосабамі: накшталт касы і метадам закручвання цыбулінак за пасак. Звязаныя вянкі падвесілі каля імправізаванай печы, каб яе пах адганяў нячыстую сілу.Памочнікі расказвалі розныя жартоўныя гісторыі і легенды. Мерапрыемства навучыла дзяцей планаваць сваю дзейнасць, ставіць дасягальныя мэты, сфарміравала навыкі даследчай дзейнасці.
Квадратны стол–разнавіднасць віктарыны, заснаваная на свабодным выбары тых пытанняў і заданняў, якія выклікаюць інтарэс у яго ўдзельнікаў або ў якіх яны найбольш дасведчаныя. Літаратурна-экалагічны квадратны стол “Бацька наш Нёман” развівае пачуццё гонару за культурную, прыродную спадчыну нашага краю, радзімы, знаёміць з таямніцамі прыроды, багаццем вуснай народнай творчасці. Падабраныя ўрыўкі з твораў паэтаў і пісьменнікаў пра родную мову, прыроду, людзей, духоўна ўзбагачаюць маладое пакаленне, выклікаюць пачуццё замілавання да беларускага слова, пашыраюць кругагляд, актыўны слоўнік вучняў, ілюстрацыйны матэрыял дае магчымасць зрокавага ўспрыняцця.
Канцэрт у цемры – гэта праект новага фармату, дзе музыку слухаюць у абсалютнай цемры, а гледачы маюць унікальную магчымасць чуць яе па-новаму і атрымліваць незабыўныя адчуванні, знаходзячыся адзін на адзін з гукам. А сам працэс – гэта асаблівы рытуал. Таму што тут не выключаюць святло, тут яго не ўключаюць.
Для дзяцей такія канцэрты маюць вялікае значэнне – ствараюць умовы для музычнага выхавання, развіваюць творчае мысленне, памяць, спрыяюць станаўленню ўраўнаважанай псіхікі. Канцэрт у цемры дае магчымасць прывіць любоў да нацыянальнай музычнай спадчыны, бо беларуская музыка мае сваю даўнюю гісторыю, на жаль, наша моладзь з ёю знаёма мала. Школьнікі ведаюць назвы музычных інструментаў, а як яны гучаць – далёка не заўсёды. На канцэрце ў цемры можна слухаць дуду, цымбалы, скрыпку, жалейку, ліру ў запісе, галасы розных птушак, літаратурныя песні. Напрыклад: пры вывучэнні ў 5 класе твора Якуба Коласа “Песня ляснога жаваранка” дзецям будзе цікава паслухаць спевы жаваранка і салаўя. У 6 класе – літаратурную песню “Жураўлі на Палессе ляцяць”, у 8 класе – “Слуцкія ткачыхі”, “Раманс” і іншыя.
Фабрыка “Зрабі сам” – від дзейнасці, пры якім чалавек працуе сваімі рукамі. Сёння ў інтэрнэце можна знайсці любыя майстар-класы. Працэс вытворчасці здымаецца на відэа і памяшчаецца на ўласную старонку інтэрнэта з мэтай перадачы ўласнага вопыту, таму што самы лепшы спосаб навучыцца – гэта глядзець на тое, як працуе майстар. У адукацыйным асяроддзі прынцып фабрыкі “Зрабі сам” гучыць так: “Я ведаю, як гэта рабіць. Я навучу вас”. Гэта новы падыход да філасофіі навучання. Настаўнік перастае быць інфарматарам, становіцца кансультантам. Вучань з пасіўнага аб’екта становіцца актыўным суб’ектам. А потым набывае і ролю настаўніка, калі дэманструе сваю работу на камеру для вучняў-навічкоў. У нашай установе адукацыі пры вывучэнні паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” дзевяцікласнікі прапануюцьмайстар-клас па вырабе бліноў (паводле раздзела “Раніца ў нядзельку”). Мерапрыемства дапамагае развіццю пазнавальных і камунікатыўных вучэбных дзеянняў.
Матывавальная шоу-лекцыя – слуханне і абмеркаванне якой-небудзь актуальнай, праўдзівай праблемы з прыцягненнем дакладчыкаў, гасцей (экспертаў), гледачоў і падрыхтаванага весці дыскусію вядучага, у выніку чаго фарміруецца агульнае меркаванне, якое прыводзіць да канкрэтных дзеянняў пасля ўрока. Кожны з удзельнікаў мае сваю ролю і функцыю ўнутры мерапрыемства. Напрыклад, можна правесці матывавальную шоу-лекцыю пры вывучэнні ў 9 класе апавядання Максіма Гарэцкага “Роднае карэнне”. Для гэтага неабходна размеркаваць ролі, запрасіць экспертаў і абмеркаваць праблемы вернасці роднай зямлі, служэння інтэлігенцыі народу, задумацца над жыццёвымі запаветамі дзеда Яхіма, якія ён дае маладому пакаленню. У выніку правядзення такога ўрока літаратуры ў дзецей павінны сфарміравацца каштоўнасныя адносіны да малой радзімы, да старэйшага пакалення, што спрыяе фарміраванню асобасных перакананняў, пазіцый.
Міні-спектакль“Ажыўленне фотаздымка” – гэта невялікая пастаноўка, эцюд, які заснаваны на паказе таго, што адбывалася з іх героямі “да” або “пасля” фатаграфавання, якому папярэднічае аналіз фотаздымка – вывучэнне гісторыі яго стварэння, асоб і абставін, якія на ім адлюстраваны. Можна “ажывіць” фотаздымкі сцэнаў са спектакляў “Вечар”, “Пінская шляхта”, якія размешчаны ў падручніку. Або, праявіўшы фантазію, самастойна напісаць сцэнарый для ажыўлення фотаздымкаў вядомых паэтаў і пісьменнікаў, выкарыстаўшы іх творы. Чарговай нашай справай стала пастаноўка міні-спектакля “Ажыві фотаздымак” па здымку з кнігі Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас”. На фота маладая Данута Янаўна з іншымі маладымі паэтамі.
Вучні восьмага класа пастараліся даведацца гісторыю гэтай фотакарткі. Яны высветлілі, што фотаздымак быў зроблены ў 1969 годзе на Усесаюзнай нарадзе маладых паэтаў і пісьменнікаў у Маскве. Побач з Данутай Бічэль Мар’ян Дукса, Славамір Хадаронак, Мікола Федзюковіч, Яўген Крупенька, Яўгенія Янішчыц. У ролі фатографа выступіў Сяргей Панізнік. На мерапрыемстве паэты прадстаўлялі розныя куткі нашай Беларусі – ад Брэста ад Магілёва. Героям здымка было на той час ад дваццаці аднаго да трыццаці трох гадоў.
Нашы вучні з задавальненнем бліжэй пазнаёміліся з гэтай творчасцю, а таксама з тым, як склаўся лёс кожнага паэта. Васьмікласнікі выбралі вершы гэтых паэтаў для інсцэніравання, правялі працу над мімікай, жэстамі, інтанацыяй, падабралі касцюмы і месца здымак. У імправізаванай форме ўявілі, што магло адбывацца падчас фаграфавання з маладымі паэтамі, пра што яны маглі размаўляць паміж сабой.
Пастаноўка спектакля выклікае многа станоўчых эмоцый, вымагае творчага падыходу, аб’ядноўвае калектыў.
Імерсіўны спектакль – форма камунікацыі сучаснага тэатра з гледачом, што робіць яго блізкім сацыяльна-культурнай дзейнасці. Імерсіўны спектакль стварае эфект поўнага пагружэння гледача ў сюжэт пастаноўкі, гэта тэатр уключэння, дзе глядач – паўнапраўны ўдзельнік таго, што адбываецца. Тут дазволена тое, што знаходзіцца пад забаронай у традыцыйным тэатры: можна мацаць рукамі дэкарацыі, вывучаць і выкарыстоўваць рэквізіт. Акцёры ўзаемадзейнічаюць з гледачом на працягу ўсяго прадстаўлення. У школе добрай пляцоўкай для правядзення імерсіўнага спектакля становіцца ўрок літаратуры. Напрыклад, у час інсцэніроўкі камедыі “Паўлінка” ў танцы і спевы можа быць уключаны ўвесь клас. Падчас мерапрыемства развіваюцца творчыя здольнасці, уменне узаемадзейнічаць з калектывам.
Часопіс-эстафета – гэта не новая, але пазнавальная і арганізатарская справа-агляд, якая ўяўляе сабой рукапісны зборнік, над усімі часткамі якога па чарзе працуюць усе члены адной або некалькіх мікрагруп.Гэты часопіс выпускаецца з мэтай абмену вопытам-уражаннямі, думкамі, прапановамі ўнутры або паміж мікрагрупамі, а таксама для блізкіх і далёкіх сяброў. Можа стварацца як па выніках цэлага раздзела, так і пасля адной тэмы. План часопіса-эстафеты ўяўляе сабой пералік частак часопіса ў розных жанрах: напрыклад: аповед, казка, аповесць, рэпартаж, паэма, байка, малюнак, серыя загадак, песня, аддзел галаваломак. Гэта заданне з задавальненнем выканаюць вучні 5 класа пры разглядзе тэмы “Вусная народная творчасць”. Яно развівае здольнасць несці і трансліраваць культуру свайго народа.
Літаратурны каляндар – гэта калектыўная справа, якая пашырае адукацыйнае асяроддзе праз выкананне творчай працы па літаратуры, стымулюе яе вывучэнне праз даследчую дзейнасць, садзейнічае выхаванню пачуцця гонару за родную літаратуру і павагі да яе прадстаўнікоў, развівае творчыя здольнасці і фарміруе інфармацыйную кампетэнтнасць. Для афармлення літаратурнага календара прапануецца якая-небудзь значная падзея, тэма або літаратурны вобраз. Каляндар можа быць прысвечаны адной асобе з нагоды яе юбілею. Або нават канкрэтнаму году у гісторыі літаратуры і краіны. Дарэчным будзе стварэнне літаратурнага календара пры вывучэнні аглядных тэм у 10 классе: “Беларуская літаратура пачатку XX стагоддзя”, “Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945)” і інш. Пры вывучэнні творчасці сучаснай паэзіі, прозы, драматургіі вучні даследуюць жыццё і творчасць аўтараў, афармляюць каляндар, выкарыстоўваючы розныя сродкі выразнасці, і прадстаўляюць яго на ўроку, што спрыяе фарміраванню ўмення здзяйсняць інфармацыйнае мадэліраванне, якое дазваляе за кароткі час набыць вялікі аб’ём новых ведаў.
Выстава-асацыяцыя “Вёсачка” – гэта музей у сапраўднай вясковай хаце, куды можа прыйсці любы вучань. Ідэя праекта ўзнікла пасля таго, як некалькі гадоў назад пры вывучэнні нарыса Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” сямікласнікі завіталі ў жыллё жыхаркі аграгарадка і ўбачылі інтэр’ер, характэрны для сярэдзіны ХХ стагоддзя. Экспазіцыйная зала – гэта жылыя пакоі жанчыны з мэбляю, абразамі, вышыванкамі, рэчамі 60-90-х гадоў мінулага стагоддзя, на якія варта паглядзець. Па дамоўленасці з гаспадыняй кожны год урок літаратуры па тэме твора мы праводзім у вясковай хаце. Яго мэта – пазнаёміць навучэнцаў з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце, выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага роднага краю і Беларусі. У выніку адбываецца пераемнасць пакаленняў, паважлівае стаўленне да прадметаў матэрыяльнай культуры беларускага народа, да яго традыцый.
Выстава-пагружэнне “Літаратурная кансервацыя” – спосаб захаваць добрыя ўспаміны пра прачытаную кнігу ў звычайным слоіку. Умова выставы: неабходна прачытаць твор і выканаць твочую работу ў выглядзе “кніжных кансерваў”. Слоік можа быць любы, але ён абавязкова павінен мець этыкетку, на якой указваецца аўтар і назва кнігі, а таксама імя і прозвішча таго, хто выканаў “літаратурную кансервацыю”. У якасці “ўражанняў”, якія могуць знаходзіцца ў слоіку, могуць быць цытаты, водгукі, нататкі, малюнкі, пісьмы да герояў твораі г.д. Напрыклад, заданне “Падрыхтуйце лісты да старога настаўніка” пры вывучэнні апавядання Івана Навуменкі “Настаўнік чарчэння”, якое прапануецца ў падручніку, можна выканаць у выглядзе “літаратурнай кансервацыі”. Або вучні могуць“закансервіраваць” “светлыя згадкі” пра былое каханне лірычнага героя з верша Максіма Багдановіча “Раманс”. Літаратурная кансервацыя дапамагае вучням навучыцца самастойна эфектыўна арганізоўваць асабістую вучэбную дзейнасць.
“Краязнаўчае паляванне”, як кажуць сябры клуба “Гонар”, – гэта пошук на сваёй малой радзіме такіх краязнаўчых знаходак, якія выклікаюць цікавасць нават сёння, у ХХІ стагоддзі. Магчыма, хтосьці паспрачаецца, сказаўшы, што гэта ўсё даўно вывучана, запісана і сабрана. Так. Але трапляецца яшчэ на вочы такое, што, хочацца ўсклікнуць: “Што ні сяльцо, то слаўцо, што ні край то звычай”.
“Упаляваных” пошукавым атрадам “Спадчына” знаходак падчас розных экспедыцый па родным краі вельмі многа. Нашы вучні нечакана знайлі забытыягульні і забавы, мясцовыя рэцэпты беларускай кухні, прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, жарты і інш.
Возьмем гульні і забавы, запісаныя юнымі краязнаўцамі ў аг. Ёдкі, в. Навіцкія-2, в. Плясавічы Лідскага раёна. Забава з абуткам, па словах яе ўдзельнікаў, адбывалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на свята Вялікдзень. На раніцы моладзь выходзіла на вуліцу і кідала абутак на дрэва. Было дзве спробы. Калі абутак павісне на дрэве, то чалавеку пашанцуе ў гэтым годзе, калі не – будуць непрыемнасці.
Прыказкі і фразеалагізмы Лідчыны – гэта люстэрка жыцця людзей, якое паказвае на звычкі, адносіны да іншага чалавека, схільнасць да гумару як адной з прыкмет добрай душы. Сядзе сям’я есці, а бацька даймае малое дзіця, якое не ўмее ціха жаваць: “Ну ты і сербаловіча брат”. А залішне надакучлівага адгоніць са словамі: “Прыцюцькаўся, як да бацькі пад цыцку” або “Дапросішся як кабанчык на Коляды”. Замест “калі ласка” можна пачуць: “Проша Гаўроша”. “Добры дзень на раніцы”, –яшчэ адзінзвыклы этыкетны выраз. Загнаць кажана – гэта завусеніца на пальцы. Стала быць, на кожную з’яву ў нашых землякоў знаходзіцца прыказка.
Такім чынам, як паказвае вопыт, апісаныя формы работы эфектыўна ўздзейнічаюць на маральна-этычнае, інтэлектуальнае, эмацыянальнае, эстэтычнае развіццё асобы вучняў, фарміруюць у іх метапрадметныя кампетэнцыі, якія грунтуюцца на ведах аб мове, літаратуры, гісторыі і г.д.