Министерство образования Республики Беларусь
Управление образования Лидского райисполкома
Государственное учреждение образования
Даведка з гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”
Давайце закінем за плечы яшчэ няцяжкую ношку гадоў і пойдзем туды, на парог маёй першай навукі. Мы будзем ісці і лясной дарогай, і палявой, і сцежкай па беразе, і ехаць на падводзе, але болей ісці пешкі. Няма чыгункі, няма шашы, і аўтобуса - іх мы не ведалі тады. Пойдзем пешкі.
А далёка трэба ісці?
У вёску Кянці, якая знаходзіцца за Навіцкімі. З усіх навакольных вёсак прыходзілі дзеці ў Кенцеўскую школу па навуку. Вучыліся ў дзве змены: старэйшыя вучні ў першую змену, малодшыя – у другую. Ісці трэба было з Ёдкаў 3 кіламетры. Але, слухай, ты ведаеш, той нашай школы цяпер ужо няма. Сёння ў старой школе знаходзіцца мэблевая фабрыка “Стыль”, там раней была наша школа. Але - нічога. Тая школа жыве ў маёй памяці.
Вось мы прыйшлі да яе. Сядзем на парозе... Ну што ж, звіні - я цябе чую і сёння, зроблены з шурпатай снараднай галоўкі школьны званок!
Цікава даведацца, калі адкрылі гэтую школу.
Падслухаем гутарку дзвюх вучаніц Кенцеўскай школы.
Прывітанне, любая школа! Я кожны дзень прыходжу раней у школу, бо нацешыцца не магу з яе. Зусім нядаўна, 1 верасня 1938 года было вялікае свята ў Кянцях – у нас пачала працаваць новая школа.
І вось наступіла 1 верасня 1938 года. Нам мамы пашылі школьную форму з белымі каўнерчыкамі. Ой, як мы зухаваліся, бо форма была толькі ў нашай вясковай школе.
Жылі-былі людзі ў вёсках Кянці, Калясішчы, Навіцкія, Ёдкі. Дзеткі іх спачатку вучыліся па хатах, бо школы яшчэ не было. Вучняў стала многа - аж каля 100 і тады пані Людвіка Гарбіно – настаўніца, задумала пабудаваць школу. Усе клопаты ўзяла на сябе. Сяляне з Кянцёў, Калясішч, Навіцкіх дапамагалі: выдзялялі будаўнічы лес, збіралі разам з дзецьмі каменні на фундамент.
Вось так ўсё і было.Для будаўніцтва школы патрэбны былі вялікія грошы, і пані Людвіка прыдумала, як іх прыдбаць. Для гэтага наладжвалі спектаклі пасля заняткаў. А потым арганізоўвалі танцы, за якія бралі плату. Яшчэ пані прыдумала латарэю са шклянымі прызамі з Бярозаўскага шклозавода. На атрыманыя грошы і пабудавалі ў Кянцях прасторную з адным вялікім класным пакоем 4-х гадовую школу.
Кенцеўская 4-х гадовая школа пераўтварылася ў сямігодку. Потым ў васьмігодку, а ў 1994 годзе перад закрыццём – у 10-цігодку. Кенцеўская школа дала жыццё Ёдкаўскай школе, куды парайшлі ўсе вучні і настаўнікі.
Сёння ў Ёдкаўскай школе створаны краязнаўчы музей, у якім ёсць экспазіцыя, прысвечаная Кенцеўскай школе.
Музей папоўніўся з паўсотні экспанатамі са школьнага жыцця тых гадоў. Гэта малітоўнік для урока Закон Божы, кніжка для чытання, спеўнік на польскай мове і малітоўнік на стараславянскай царкоўнай мове. Гады выдання: 1903-1911- ы.
Якая цікавая гісторыя! Атрымоўваецца, што школу пабудавала звычайная настаўніца.
Было гэта яшчэ да вайны, адно шкада, што школа была польская, бо ў той час Заходняя частка Беларусі належала Польшчы. Затым школа стала беларускай, гэта здарылася, калі наша краіна ўвайшла ў склад Савецкага саюза. У Вялікую Айчынную вайну у школе быў часовы прытулак для бежанцаў, і яна не працавала.
Успамінае настаўніца рускай мовы і літаратуры Кенцеўскай школы Качан Аляксандра Васільеўна: ”Да таго часу, як пабудавалі новую школу ў Кянцях, дзеці вучыліся ў звычайнай вясковай хаце. Пасля Вялікай Айчыннай вайны многія дзеці пайшлі ў школу пераросткамі. Людвіка Гарбіно працягвала працаваць у школе. Але ў к.40-х – пач.50-х гадоў многія заможныя сяляне паехалі жыць за мяжу, у тым ліку выехала і Людвіка Гарбіно. Яе замяніла Стэльмаховіч Лідзія Андрэеўна (бежанка).
У 1952 годзе дырэктарам назначылі Войчыка Уладзіміра Вікенцьевіча, які выкладаў матэматыку. Працаваў ён 5 гадоў. Яго змяніў Кавальчук Міканор Дзмітрыевіч, які прапрацаваў 3 гады. У той час у Гарнях было старое памяшканне лясгаса. Яго перавезлі ў Кянці і склалі яшчэ адзін будынак Кенцеўскай школы. У вёсцы Скаменны Бор зачынілі пачатковую школу, яе перавезлі, склалі хлеў каля школы і прыбіральню. Затым яго прызначылі загадчыкам РАНО, а дырэктарам стаў Катвіцкі Рычард Станіслававіч, настаўнік матэматыкі. Яму прыйшлося выконваць унутраныя работы ў новым будынку школы. У Кянцях Рычард Станіслававіч працаваў з 1960 па 1980 год. У 1980-м годзе яго выбралі старшынёй Траццякоўскага сельсавета.
Дырэктарам стаў Астравух Эдуард, які працаваў 3 гады. Пасля яго на гэтай пасадзе працавала былы інспектар РАНО Равенка Аляксандра Аляксееўна. І ў 1987 годзе яе змяніла Байкова Людміла Рычардаўна, пры падтрымцы якой была пабудавана новая школа ў Ёдках”.
А ў савецкі час якая была наша школа?
Пра працу ў Кенцеўскай школе з замілаваннем згадвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Акавіцкая Аліна Яўгеньеўна, якая настаўнічала ў Кянцях з 1986 года, затым у Ёдках – да 2008 года: “ Карычневыя сукенкі, карункавыя варатнічкі, белыя або фартушкі ў дзяўчынак, сінія або карычневыя касцюмы і белыя кашулькі – савецкая школьная форма трывала ўваходзіла ў паўсядзённае школьнае жыццё таго часу. Увогуле 70-80 –я гады можна лічыць росквітам той самай школьнай формы, якую сучасныя дзеці ведаюць па букварах і першых школьных чытанках або фотаздымках таго часу. Асабліва адданыя ідэям камунізму савецкія дзеці дапаўнялі свой вобраз акцябрацкімі значкамі, чырвонымі гальштукамі, камсамольскімі пілоткамі. Модніцы-старшакласніцы стараліся зрабіць сябе больш прывабнымі, таму ўкарочвалі сукенкі, а вясною абразалі рукавы, выпрошвалі ў бацькоў грошы на новыя карункі для варатнічкоў, мянялі іх кожны тыдзень, і разам з тым клапаціліся аб ўласнай гігіене. У кожнага дзіцяці была драўляная лінейка, механічны аловак, дзённік у кардоннай вокладцы, ранец… Ах ранец! Ён быў нязменным атрыбутам школы. Ён быў неверагодна трывалы: на ім каталіся з ледзяных горак, ім гулялі ў вайну, яго кідалі ў кучу пасля ўрокаў, калі трэба было хутка бегчы ў “казакоў-разбойнікаў”. Але ранец служыў не адзін год. Друкаваныя пропісі, сшыткі… Сшыткі! Былі яны часцей зеленаватага ці цаглянага колеру, палі ў якіх патрэбна было адводзіць карандашом чырвонага колеру. Альбом для малявання, падручнікі па музыцы, геаграфіі, роднай літаратуры, нямецкай мове, запісная кніжка, капіравальная папера - чаго толькі не знойдзеш у ранцы савецкага школьніка! Пасля ўрокаў вучні любілі “прападаць” ў піянерскім пакоі. Самы галоўны тут – гэта дружынны сцяг, які, як правіла, знаходзіўся ў рытуальнай стойцы разам з іншымі сцягамі, а таксама атрадныя сцяжкі. Тут знаходзіўся ленінскі куток. У піянерккім пакоі адбываліся пасяджэнні савета дружыны. Піянерамі выпускаліся і вывешваліся рукапіснага афармлення дружынныя і атрадныя насценгазеты. Для акцябрат сапраўдным святам быў паказ дыяфільмаў. У класе вешалі занавескі чорнага колеру, выключалі святло, і пачынаўся прагляд… Тут жа можна было знайсці цікавыя пласцінкі і праслухаць іх на праігрывальніку. Старшакласніцы любілі танцаваць вальс”.
Выдатнік народнай асветы
Катвіцкі Рычард Станіслававіч
Нарадзіўся ў 1933 годзе ў вёсцы Ёдкі Лідскага раёна Гродзенскай вобласці БССР. Па нацыянальнасці паляк. Бацька быў служачым, маці - хатняя гаспадыня.
У 1957 годзе закончыў педагагічны інстытут у Гродне.
З 1950-га года працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Кенцеўскай школе, з 1951 года выкладаў матэматыку ў Кенцеўскай сямігадовай школе.
У 1960-м годзе прызначаны дырэктарам васьмігадовай Кенцеўскай школы. 1964 год- узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”.
З 1980 года з’яўляўся старшынёй выканкама Траццякоўскага сельскага Савета.
Дэлегат на 16-ю Лідскую раённую партыйную канферэнцыю Камуністычнай партыі Беларусі ў 1990-м годзе.
Памёр у 2012 годзе.
Паплечнікі і прадаўжальнікі спраў у педагагічнай дзейнасці:
Жонка Катвіцкая Галіна Вікенцьеўна, настаўніца матэматыкі ў Кенцеўскай школе.
Дачка Байкова Людміла Рычардаўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Мінойтаўскай школы, затым дырэктар Кенцеўскай і Ёдкаўскай школ.
Унучка Байкова Алена Уладзіміраўна, настаўніца замежных моў
Калі дзіця жыве ў атмасферы творчасці, яно вучыцца тварыць, марыць, перамагаць. Такія ўмовы для раскрыцця кожнага школьніка дала новая Ёдкаўская школа, гісторыя якой пачалася ў 1994 годзе.
Да 2010 года дырэктарам школы была Байкова Людміла Рычардаўна. А з 2010/2011 навучальнага года дырэктарам школы стала Маркевіч Анжэліка Генадзьеўна.